ЕВА́НГЕЛЬСКІЯ ХРЫСЦІЯ́НЕ,

паслядоўнікі адной з плыней пратэстантызму, падобнай да баптызму (гл. Баптысты). Найб. распаўсюджаны ў ЗША. У Расіі з’явіліся ў 1870-я г. ў арыстакратычным асяроддзі Пецярбурга. Першапачатковая назва — рэдстакісты або пашкоўцы (ад імён актыўных прапаведнікаў лорда Рэдстака і палкоўніка В.А.Пашкова). З сярэдзіны 1890-х г. наз. Е.х. У 1909 засн. Усерасійскі Саюз Е.х. на чале з І.С.Праханавым і адбыўся іх 1-ы з’езд у Пецярбургу. У аснову веравучэння, распрацаванага Праханавым, былі пакладзены агульнапратэстанцкія догматы: вучэнне аб спрадвечнай грахоўнасці чалавека і выратавальнай місіі Ісуса Хрыста; догмат аб другім прышэсці Хрыста і магчымасці выратавання толькі асабістай верай у выратавальную ахвяру Хрыста. Іх абраднасць і царк. арганізацыя яшчэ больш спрошчаныя, чым у баптыстаў. У 1930-я г. шмат кіраўнікоў Саюза Е.х. і вернікаў было рэпрэсіравана, дзейнасць яго фактычна спынілася; адноўлена ў 1942. У 1944 Е.х. аб’ядналіся з баптыстамі ў царкву Евангельскіх хрысціян-баптыстаў (Саюз ЕХБ). На Беларусі першыя паслядоўнікі Е.х. (пашкоўцы) з’явіліся ў 1870—90-я г. на Гомельшчыне. У 1920—30-я г. ў Зах. Беларусі замежныя місіі заснавалі шэраг абшчын Е.х., у асноўным у Палескім ваяв. Цяпер большасць Е.х. уваходзіць у Саюз ЕХБ Беларусі. 1 абшчына Е.х. зарэгістравана аўтаномна (1997).

А.У.Верашчагіна.

т. 6, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)